На Капыльшчыне працягваюцца работы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Пра тое, як яны арганізаваны на тэрыторыі Капыльскага сельсавета, расказвае старшыня сельвыканкама Вольга КУПРЫЕНКА:

— Актыўная работа па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў распачалася пасля аб’яўлення адпаведнага месячніка, які арганізаваны з 11 сакавіка па 30 красавіка. Мы распрацавалі шэраг мерапрыемстваў, згодна з якімі зараз і працуем. У работах задзейнічаны сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі сацыяльнай сферы, размешчаныя на тэрыторыі нашага сельсавета, а таксама УА «Капыльскі дзяржаўны каледж». Перш за ўсё яны наводзілі парадак ля сваіх адміністрацыйных будынкаў, а затым прынялі ўдзел у суботніках і працоўных дэсантах, якія мы арганізавалі на землях агульнага карыстання.
Згодна з рашэннем райвыканкама дапамогу ў правядзенні работ нам аказваюць і гарадскія арганізацыі: апарат райвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму, фінансавы аддзел, рэдакцыя газеты «Слава працы», за што я ім выказваю вялікую ўдзячнасць. Усяго ў работах ужо прыняло ўдзел каля 200 чалавек. Мы працавалі ў шасці населеных пунктах сельсавета і на пяці грамадзянскіх могілках. Работы арганізоўвалі ў тых вёсках, дзе мы зносілі старыя дамы і неабходна было расчысціць плошчы для разборкі фундаментаў. У асноўным працавалі ў вёсцы Стары Капыль. Там у зімовы перыяд мы падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы (правялі іх праз суд) на пяць будынкаў. ААТ «П-з Дусаеўшчына» знесла іх і выкарыстала драўнінныя рэшткі на свае патрэбы. Цяпер мы на месцы сядзіб высеклі кустоўе і падрыхтавалі ўсё для таго, каб знесці фундаменты.
Вялікая работа вядзецца і на грамадзянскіх могілках, яе мы распачалі таксама яшчэ зімой, калі сельгаспрадпрыемствы былі не так заняты на вытворчасці. За студзень-люты мы павысякалі зараснікі, спілавалі дрэвы.
Напрыклад, на могілках у в. Кель мы працуем ужо два тыдні, і яшчэ работы не завершаны. Спілоўвалі дрэвы і на могілках у Вусаве, цяпер плануем ачысціць плошчу ад пнёў, перапрафіліраваць і расшырыць тэрыторыю для пахаванняў. Ішлі работы ў Каменцы (ля ўваходу на могілкі мы спілавалі дрэвы), Чырвоным Партызане і Вялешыне.
На могілках нямала аварыйна небяспечных дрэў, якія могуць прынесці нямала непрыемнасцей. Напрыклад, у Вусаве на агароджу ўпала вялікая бяроза, два старыя дрэвы ўпалі на могілках вёскі Мазалі і крыху пашкодзілі помнік. Таму насельніцтва правільна непакоіцца і нават сваімі сродкамі дапамагае нам у вырашэнні гэтай праблемы.
Заканчваючы размову наконт грамадзянскіх могілак, хацелася б звярнуцца да жыхароў нашых населеных пунктаў, а таксама да людзей, якія прыязджаюць, каб навесці парадак на месцах пахавання сваіх родных і блізкіх людзей. Вялікая просьба не выкідаць смецце на тэрыторыі могілак — для гэтага ёсць спецыяльныя кантэйнеры. Гэта святое для кожнага з нас месца, і адносіцца да яго трэба з павагай. І яшчэ, прыбіраючы магілы сваіх блізкіх, кіньце вокам і на суседнія. Магчыма, там няма каму прыбрацца, а таму не пашкадуйце некалькі хвілін, каб і там навесці парадак.
Хацелася б узгадаць яшчэ пра помнікі аднавяскоўцам, воінам і партызанам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яны таксама не выпадаюць з нашага поля зроку. Мы ўжо навялі там парадак, цяпер засталося іх пафарбаваць, неяк асвяжыць і надаць больш прывабны выгляд. Гэтым у бліжэйшы час будзем і займацца.
Дарэчы, усе пытанні па навядзенні парадку мы вырашаем разам з насельніцтвам: арганізоўваем вясковыя сходы, выязджаем на сустрэчы, цесна супрацоўнічаем са старэйшынамі вёсак і ўчастковымі інспектарамі міліцыі. Дзе трэба, выпісваем прадпісанні (іх ужо 93 з пачатку года), складаем пратаколы (6).
Нягледзячы на тое, што месячнік хутка завершыцца, аднак работы па навядзенні парадку на тэрыторыі Капыльскага сельсавета працягнуцца. У нас многа планаў, і мы пастараемся іх рэалізаваць.
Запісала Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии