Напружаная пара зараз у гаспадарках раёна. Сапраўднай няспыннай чарадой ідуць работы. І нельга сказаць, што якая-небудзь з іх самая важная і патрэбная. Падкормка азімых, вываз угнаенняў, сяўба патрабуюць самай пільнай увагі кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, механізатараў. Кожны чалавек на сваім месцы дбае, каб усё было зроблена своечасова і якасна.
У КСУП «Грозава-агра» сяўбу ячменю распачалі на мінулым тыдні. Да гэтага сеялі авёс і зернесумесь аўса з пялюшкай, займаліся аднагадовымі травамі. Усяго, па словах выконваючага абавязкі кіраўніка гаспадаркі Сяргея Булата, неабходна будзе заняць пад яравыя збожжавыя 520 гектараў.
[caption id="attachment_47630" align="aligncenter" width="580"]

Механізатар Аляксандр Нераненя сее ячмень[/caption]
Усе веснавыя палявыя работы ў гаспадарцы вядуцца ў комплексе: закрыццё вільгаці і перадпасяўная падрыхтоўка глебы, ворыва, унясенне азотных угнаенняў і арганікі і, вядома ж, сяўба.
— Механізатары добра ведаюць, што ад таго, наколькі паспяхова яны папрацуюць зараз, у многім залежыць і агульны вынік, — расказвае Сяргей Сяргеевіч. — Таму стараюцца ад душы. Тым больш, што сёлетнюю пасяўную мы праводзім без свайго кіраўніка — ён захварэў. А гэта дабаўляе імкнення выканаць план як мага лепш, каб не падвесці яго. Сярод тых, хто найбольш адказна ставіцца да работы, у першую чаргу хацелася б назваць Аляксандра Нераненю — ён займаецца сяўбой. Добра ведаюць сваю справу Вячаслаў Касцюкевіч і Аляксандр Машэй, якія аруць глебу пад сяўбу яравых культур, старанна выконвае даручанае заданне (уносіць арганіку) і Іван Васцьянаў. Можна ўзгадваць і іншыя прозвішчы, паколькі стараюцца ўсе.
[caption id="attachment_47631" align="aligncenter" width="580"]

Вядзе ворыва Аляксандр Машэй[/caption]
Працоўны дзень у механізатараў пачынаецца ў сем гадзін раніцы і цягнецца да 20.00—20.30. У мясцовай сталовай гатуюць абеды і падвячоркі і дастаўляюць на палеткі, дзе кіпіць работа.
— Мы забяспечваем двухразовым гарачым харчаваннем усіх занятых на палявых работах, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Млынарчык, разам з якім мы наведаліся на некаторыя палеткі і пазнаёміліся з тым, як арганізавана работа. — Гэта дазваляе больш аператыўна спраўляцца з пастаўленай задачай. Стараемся інфармаваць механізатараў аб зробленым за папярэдні дзень — на мехмайстэрні вядзецца спецыяльны экран.
На выхадных на Капыльшчыне прайшоў дождж, але гэта акалічнасць ніяк не засмуціла аграрыяў: нездарма кажуць, што сеяць у дождж — добрая прымета. Значыць і на высокі ўраджай спадзявацца можна!
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии