Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Каб не зарастала сцяжынка памяцi

08.04.2016
3 таго часу, калі прагучалі першыя выбухі Вялікай Айчыннай вайны, прайшло амаль 75 гадоў. Асунуліся, зараслі травой самыя глыбокія траншэі і бомбавыя варонкі, зніклі ў зарасніках вераску і папаратніку партызанскія сцяжынкі. Але ў жыцці нішто не праходзіць бясследна. І пацвярджэнне таму мноства помнікаў і абеліскаў, устаноўленых у гонар воінаў і партызан, якія вялі баі на тэрыторыі Капыльскага раёна; нашых землякоў, што загінулі ў пекле Вялікай Айчыннай вайны; мірных жыхароў, якія сталі бязвіннымі ахвярамі той жудаснай трагедыі ў жыцці беларускага народа. Пераважную большасць манументаў узводзілі ў савецкія часы, і яны станавіліся не толькі месцам усенароднай памяці і славы, але і мелі вялікае выхаваўчае значэнне для падрастаючага пакалення. Аднак і цяпер, нягледзячы на тое, што на двары ХХІ стагоддзе з яго высокадакладнымі інфармацыйнымі і тэлекамунікацыйнымі тэхналогіямі, любы, нават самы скептычна настроены чалавек, перад помнікам у гонар герояў той, такой далёкай ужо вайны, міжволі сцішыцца і імгненна выцягне на паверхню сваёй памяці інфармацыю пра свайго дзеда ці прадзеда, які аддаў жыццё за нашу мірную будучыню. Хочацца верыць, што так будзе заўсёды. Мы ўсе разам павінны імкнуцца да таго, каб не дапусціць бяспамяцтва ў свеце, краіне, грамадстве, у сэрцах. Пра гэта яшчэ раз гаворыць і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 109 ад 24 сакавіка 2016 года «Аб увекавечанні памяці пра загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр вайны». Указ зацвярджае адпаведнае палажэнне, якое вызначае асновы дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, дае падрабязнае апісанне формаў ушанавання памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захавання памяці пра ахвяр войнаў, арганізацыю пошукавай працы па выяўленні няўлічаных воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў і ўстанаўленне даных аб загінуўшых. Цяпер, калі на ўсёй тэрыторыі Капыльскага раёна ідуць работы па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні населеных пунктаў, арганізоўваюць суботнікі і выезды працоўных дэсантаў, першачарговая ўвага надаецца менавіта такім памятным месцам. [caption id="attachment_47417" align="aligncenter" width="580"]Так выглядае парк Перамогі ў вёсцы В. Раёўка сёння Так выглядае парк Перамогі ў вёсцы В. Раёўка сёння[/caption] [caption id="attachment_47416" align="aligncenter" width="580"]А такім ён быў у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя А такім ён быў у пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя[/caption] Днямі разам са старшынёй Цімкавіцкага сельвыканкама Аленай Острыкавай давялося наведацца ў вёску Вялікая Раёўка, у цэнтры якой знаходзіцца парк з помнікам «Смуткуючая маці», устаноўленым у памяць жыхароў гэтай і навакольных вёсак. Старшыня ветэранскай арганізацыі ф-ла «В. Раёўка» ААТ «Крыніца» Ганна Лупанос расказала гісторыю ўзнікнення парку і гэтага помніка.

— У далёкім ужо 1964 годзе на пустэчы было вырашана разбіць парк Перамогі, — узгадвае Ганна Іосіфаўна. — Пасадзілі столькі дрэўцаў, колькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінула жыхароў Вялікай Раёўкі і навакольных вёсак. Да кожнага саджанца была прымацавана таблічка з імем, датай нараджэння і смерці чалавека. Праз тры гады ў маладым парку быў узведзены помнік «Смуткуючая маці» і ўстаноўлены чатыры пліты з прозвішчамі загінулых. Недзе ў пачатку 70-х гадоў сюды ў брацкую магілу перанеслі астанкі салдат і партызан, якія загінулі паблізу ў баях. Імёны 15 з іх былі вядомы (іх напісалі на чацвёртай пліце), восем чалавек так і засталіся безыменнымі. Гэта месца заўсёды было ў цэнтры ўвагі: тут праходзілі мітынгі падчас дзяржаўных свят, піянерскія лінейкі, хлопчыкаў і дзяўчынак прымалі ў піянеры, моладзі ўручалі камсамольскія білеты.

Ішоў час. Дрэўцы выраслі і ператварыліся ў вялікія дрэвы (былі паса-джаны пераважна таполі), ужо не стала ў вёсцы школы, а за добраўпарадкаваннем парку і помніка сочыць мясцовая гаспадарка.

— Безумоўна, мы імкнёмся падтрымліваць парадак на гэтым святым для кожнага мясцовага жыхара месцы, — уступае ў гутарку намеснік дырэктара ф-ла «В. Раёўка» па ідэалагічнай рабоце Анжэла Віцебская. — Праўда, трэба сказаць, што гэта ўжо няпроста. Пасля зімы тут вельмі шмат лісця і абламаных галінак. Ветрам ломіць і верхавіны дрэў — вядома, што ў таполяў вельмі крохкая драўніна. Ужо не адзін раз агучвалася меркаванне, ці не спілаваць дрэвы, якія сталі ўжо такімі высокімі і, магчыма, нясуць нейкую небяспеку для людзей. Ці хаця б прарэдзіць гэты парк. Мы, са свайго боку, маглі б набыць і пасадзіць невысокія туі ці нейкія дэкаратыўныя кусты, каб надаць гэтаму месцу прывабнасць.

Не засталася ўбаку ад абмеркавання і Алена Острыкава:

— Размову аб тым, каб неяк добраўпарадкаваць гэты парк, мы ўжо вядзём. Напрыклад, сёння я сустракалася з работнікамі мехмайстэрняў і механізатарамі гаспадаркі. І яны падтрымалі ідэю спілаваць дрэвы хаця б ля самога помніка. Тым больш, ад ценю, які ўтвараюць іх галіны, помнік і памятныя пліты зелянеюць, губляюць свой выгляд.  Спадзяюся, што нас падтрымаюць і іншыя жыхары вёскі. І асабліва тыя, якія самі саджалі гэты парк, або імёны іх блізкіх выбіты на плітах.

Сапраўды, час прыносіць новыя рашэнні. І хочацца верыць, што выказаныя меркаванні падтрымаюць усе жыхары Вялікай Раёўкі, а месца памяці набудзе яшчэ больш урачысты выгляд. Ніякія, нават самыя цудоўныя манументы, не адлюстроўваюць ва ўсёй паўнаце велічы подзвігу людзей у гады мінулай вайны. Няхай яго беражэ памяць. Наша жывая чалавечая памяць — непагасная, як вечны агонь ля абеліскаў Перамогі. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей