Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Працавала з сэрцам i душой

04.04.2016
Таццяна Іосіфаўна Ляневіч з вёскі Карзуны адзначыла свой 70-гадовы юбілей. Усё жыццё (40 гадоў) працавала ў родным саўгасе «Крыніца», рабіла гэта з сэрцам і душой, прайшоўшы шлях ад рабочай паляводчай брыгады да загадчыка жывёлагадоўчай фермы, стаўшы дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. [caption id="attachment_47314" align="alignleft" width="200"]Таццяна Іосіфаўна Ляневіч Таццяна Іосіфаўна Ляневіч[/caption] Яна і сёння часта ўспамінае сваё дзяцінства і асабліва бацькоў, ад якіх узяла тыя рысы характару, што дапамагалі лёгка знаходзіць кантакт з людзьмі, разуменне і падтрымку. А яшчэ любоў і дабрыню. Ішоў 1954 год. Неяк бацька прывёз з Мінска мех сітняга хлеба на два месяцы. Калі прывабныя і духмяныя боханы з залацістай скарынкай склалі ў сенцах пад столлю, васьмігадовая Таццянка пакрысе, па кавалачку кожны дзень выносіла іх сяброўкам, нікому не шкадавала, есці ж хацелася. Пакуль маці агледзела, засталіся тры булкі. Але дачушку не ўшчувалі. Скончыўшы Бальшавіцкую СШ, Таццяна вельмі марыла стаць настаўніцай. Не атрымалася. Лічыць, галоўнае ў жыцці, як і для кожнай жанчыны, што сустрэла адзінага любага — аднавяскоўца Канстанціна Ляневіча. Згулялі вяселле. І свякроў прыняла нявестку за дачку. Разам з ёй пражылі 24 гады душа ў душу і ніколі не пасварыліся. Таццяна пайшла працаваць паляводам: вясной даводзілася садзіць бульбу пад двухрадковы плуг, улетку па тры разы праполваць норму буракоў, кукурузы і сваю дзялку апрацоўваць, скірдаваць сена і салому, восенню выбіраць, церабіць і звозіць у бурты караняплоды. Пасля нараджэння першага сына крыху пабыла ў дэкрэтным водпуску, зноў пайшла на працу і падарвала спіну. Лячылася амаль паўгода. Але заўсёды побач былі блізкія людзі — муж і свякроў. Затым уладкавалася даяркай. Абслугоўвала 18 кароў. Праца не з лёгкіх: трохразовыя дойкі ўручную, бітоны (40 л) з малаком зносіла ў спецыяльнае памяшканне. Там у цаглянай ванне яго ахалоджвалі, а для гэтага зімой назапашвалі лёд, які захоўвалі ў торфе і пілавінні. У скрынях разносіла буракі, муку, паіла жывёлу з карыта. У 1980 годзе, як перадавіка вытворчасці і за ўменне ладзіць з людзьмі, прызначылі загадчыкам малочнатаварнай фермы. Вось тут і раскрыўся ярка талент Таццяны Іосіфаўны, якая за кароткі перыяд змагла згуртаваць калектыў з 27 чалавек. Паказчыкі павялічваліся кожны год. Укараняўся брыгадны падрад. Заробкі жывёлаводаў залежалі ад прадукцыйнасці працы і сабекошту малака. А жанчыны яшчэ паспявалі ладзіць канцэрты мастацкай самадзейнасці па вёсках. За прафесіяналізм і поспехі Таццяна Ляневіч неаднаразова выбіралася дэпутатам Слабада-Кучынскага сельсавета, раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў, за сваю стараннасць адзначана шматлікімі падзякамі, граматамі, знакамі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва», «Ударнік пяцігодкі». Дзеці ва ўсім падтрымлівалі маці, паколькі з ранніх гадоў былі прывучаны да працы, дапамагалі па гаспадарцы,  выдатна вучыліся ў школе. А яна выхоўвала ў іх стараннасць, справядлівасць, павагу да старэйшых. Усё гэта дало плён. Шчырыя і адкрытыя да людзей сыны і дачка атрымалі вышэйшую адукацыю. Віктар — прадпрымальнік, Анатоль — настаўнік, Ала — бухгалтар. Не нарадуецца бабуля на ўнукаў. Унучка Аліна — будучы ўрач, унукі Ілля і Улас — будучыя архітэктары. Дарэчы, Улас скончыў Уздзенскую гімназію з залатым медалём і набраў на цэнтралізаваным тэсціраванні 386 балаў. Дзеці і ўнукі жывуць дружна і сумленна. Кожны дзень тэлефануюць, кожны тыдзень наведваюць самага дарагога чалавека. Дапамагаюць апрацоўваць сад, агарод, цяпліцу. А яшчэ — кветнік, такі ж прыгожы, як і сама Таццяна Іосіфаўна. Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей