Для Віталя Платуна гэта веснавая пасяўная першая, якую ён праводзіць у якасці кіраўніка ААТ «Праснакі» — быў прызначаны на пасаду ў кастрычніку мінулага года.
[caption id="attachment_47521" align="aligncenter" width="580"]

Дырэктар ААТ "Праснакі" Віталь Платун і механізатар Міхаіл Гардзей[/caption]
Апошнім часам пра гэту гаспадарку мы расказвалі больш з негатыўным адценнем, аднак з прыходам новага кіраўніка справы пачалі пакрыху наладжвацца. Самае галоўнае, што людзі яму паверылі, бо чым інакш можна патлумачыць іх імкненне працаваць з самага ранку да цямна за даволі невялікія па сённяшніх мерках грошы. І працаваць старанна, каб хутчэй справіцца з пастаўленай задачай. Тым больш, што бачаць: справа з мёртвай кропкі зрушылася і парадак у гаспадарцы пакрысе наводзяць: і заработную плату яны атрымліваюць амаль без затрымак, і на полі работа кіпіць, і на ферму не сорамна нават старонняму чалавеку зайсці.
Сёння эфектыўна вядзецца сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых. Поспех на вясновым полі ў многім вызначае падрыхтаванасць тэхнікі і руплівасць людзей, таму гэтым складальнікам надаецца самая пільная ўвага.
Ужо пасеялі зернебабовыя культуры (усяго 60 га), пераключыліся на ячмень — ён зойме 250 га. Заняты адзін пасяўны агрэгат — шасцімятровае «Бярэсце», які працуе ў счэпе з трактарам «Беларус-3522». Новенькай тэхнікай кіруе адзін з лепшых механізатараў сельгас- прадпрыемства Міхаіл Гардзей. Яшчэ тры-чатыры дні — і, па разліках кіраўніка Віталя Платуна, ячмень будзе пасеяны. Два агрэгаты працуюць на закрыцці вільгаці і перадпасяўной падрыхтоўцы глебы. З восені паднялі зябліва практычна на ўсіх неабходных плошчах, на якія папярэдне быў унесены калій.
На дзень нашага наведвання адкрытага акцыянернага таварыства тут завяршалі падкормку азімых культур мінеральнымі азотнымі ўгнаеннямі. На ёй былі заняты два Сяргеі — Берасневіч і Ганчарык. Паводле слоў дырэктара гаспадаркі, частку палеткаў падкармілі вадкім КАСам, астатнія — карбамідам. Угнаенні набывалі ў асноўным за кошт атрыманай надбаўкі за малако, а таксама з дапамогай бюджэтных сродкаў.
[caption id="attachment_47519" align="aligncenter" width="580"]

Механізатары-ветэраны Аляксандр Берасневіч і Міхаіл Кудзёлка[/caption]
— Працоўны дзень у нас пачынаецца вельмі рана: ужо а палове сёмай раніцы механізатары выязджаюць у поле, — расказвае Віталь Віктаравіч. — Усяго іх у нас 15. Мы не можам сабе дазволіць такую раскошу, як падзяляць на тых, хто працуе на фермах, а хто на палявых работах. Даводзіцца займацца ўсім. Як прыклад хачу прывесці Міхаіла Кудзёлку і Аляксандра Берасневіча: у абодвух за плячыма вялікі стаж механізатарскай справы (амаль па сорак гадоў), абодва пачынаюць свой працоўны дзень з падвозу кармоў на фермах, а потым накіроўваюцца на поле, у другой палове дня зноў вяртаюцца на кормараздатчыкі, а затым працягваюць работу на палетках. І так да цямна. У іх даволі адказная справа — унясенне арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу. Мы пастараліся вывезці ўсю арганіку зага- дзя і абышліся сваімі сіламі, цяпер вось пагрузчык і раскідвальнік працуюць над тым, каб так званымі вітамінамі ўрадлівасці заправіць палеткі пад кукурузу.
[caption id="attachment_47520" align="aligncenter" width="580"]

На ўнясенні мінеральных угнаенняў працуе Сяргей Ганчарык[/caption]
Сёлетняя складаная для жывёлагадоўчай галіны ААТ «Праснакі» зіма прымусіла зрабіць акцэнт на вырошчванне кармавых культур. Як расказаў Віталь Платун, кармоў на фермах не стала ўжо напрыканцы лютага і пачынаючы з сакавіка завозіць іх даводзіцца з іншых гаспадарак — спачатку гэта былі ААТ «Піянер-Агра», «Старыца-Агра», цяпер сельгаспрадпрыемствы Дзяржынскага раёна. Таму ў ААТ «Праснакі» запланавана пасеяць кукурузу на 300 га (ужо набыта насенне, засталося яго толькі даставіць), да 100 га люцэрны дабавяць яшчэ столькі ж, мяркуюць заняцца і перазалужэннем.
Вельмі балючая тэма для маладога кіраўніка — стан азімых культур. Калі збожжавыя адчуваюць сябе, можна сказаць, выдатна, то з пасеяных 120 га азімага рапсу перазімавалі толькі 30. А гэта амаль поўнасцю перакрэслівае спадзяванні на атрыманне даходу ад гэтай культуры.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии