Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

64

Копыльские творческие коллективы защищали высокие звания

04.04.2016
Самадзейныя артысты Капыльшчыны на сцэне раённага Цэнтра культуры прадэманстравалі творчыя дасягненні падчас правядзення XVIII абласнога агляду «народных» і «ўзорных» аматарскіх калектываў. Агляд праводзіўся Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці з мэтай пацвярджэння ганаровага звання «народны». Журы, якое ўзначальвала дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская, на працягу мерапрыемства ацэньвала прадстаўленыя выступленні. Музыку не трэба бачыць: яе трэба чуць. Але калі назіраеш за тым, як гукі ідуць да слухача, разумееш: каб мелодыя пайшла ў жыццё, патрэбна шмат майстэрства. Вось на сцэне гучаць джазавыя кампазіцыі ў выкананні ўзорнага эстраднага аркестра (мастацкі кіраўнік Леў Канаплянік) Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў. Кожны нумар гледачы сустракалі сапраўдным шквалам апладысментаў і крыкамі «Брава!». У калектыву за час свайго існавання  шмат дасягненняў, пра якія мы неаднойчы расказвалі на старонках газеты. [caption id="attachment_47315" align="aligncenter" width="580"]Джазавы аркестр Джазавы аркестр[/caption] Адметнасць народнага вакальна-інструментальнага ансамбля раённага Цэнтра культуры «Замкавая гара» ў тым, што з першых дзён існавання ўдзельнікі прапагандуюць свае аўтарскія творы. «Музыка Андрэя Раеўскага (а менавіта ён і з’яўляецца мастацкім кіраўніком ансамбля), словы Аляксея Вайцешака», — менавіта так аб’яўлялі кожную кампазіцыю. Дарэчы, у мінулым годзе калектыў атрымаў Дыплом І ступені за лепшы песенны твор на абласным конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў «І страфой, і тактам». [caption id="attachment_47316" align="aligncenter" width="580"]"Замкавая гара" «Замкавая гара»[/caption] Выступленні народнага аркестра народных інструментаў «Капыльскія дудары» пад кіраўніцтвам Святланы Салавей вядомы далёка за межамі не толькі нашага раёна, але і краіны. І кожны раз, калі са сцэны льюцца меладычныя гукі беларускіх народных інструментаў, у пачуццях і думках нібыта вяртаешся ў мінулае. [caption id="attachment_47317" align="aligncenter" width="580"]«Капыльскія дудары» «Капыльскія дудары»[/caption] — Песні, якія выконвае народны ансамбль народнай песні «Спадчына», закранаюць найтанчэйшыя струны душы, — аб’яўляюць наступных выканаўцаў вядучыя (навучэнцы гарадскіх школ) Дар’я Заварзіна і Максім Почапень. — Яны даносяць да кожнага прыгажосць музычнай творчасці. Нельга не згадзіцца са словамі вядучых, таму што сапраўдная народная песня здольна прымусіць сумаваць і радавацца, плакаць і смяяцца. Адметна, што аўтарам слоў адной з кампазіцый стаў наш зямляк Мікалай Майсюк, а музыкі — канцэртмайстар ансамбля Аляксандр Карповіч. Бяззменным мастацкім кіраўніком ансамбля з’яўляецца Валянціна Зарамбоўская. [caption id="attachment_47318" align="aligncenter" width="580"]«Спадчына» «Спадчына»[/caption] І зноў нельга аспрэчваць словы вядучых (толькі ўжо дарослых) Сяргея і Кацярыны Мялешкаў аб тым, што самы выдатны інструмент — голас. Нішто не параўнаецца з ім па выразнасці і глыбіні. А калі голас не адзін, калі некалькі гэтых цудоўных інструментаў зліваюцца ў ансамблі і гучаць як адзіная, добра настроеная струна, тады мелодыю, якая атрымалася, можна назваць сапраўдным чараўніцтвам. Дакрануцца да гэтай яскравай прыгажосці гукаў дапамагалі салісткі народнага вакальнага ансамбля «Аліра». Дарэчы, калектыў — пастаянны ўдзельнік міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестываляў і конкурсаў. Кіраўніком ансамбля з’яўляецца Таццяна Хілько. [caption id="attachment_47319" align="aligncenter" width="580"]«Аліра» «Аліра»[/caption] А вось лірычныя кампазіцыі, якія прагучалі падчас выступлення вакальнага ансамбля «Дабрадзеі», прымусілі і крыху пасумаваць, і павесяліцца. Гэта выступленне — крок да ўдзелу ў абласным фестывалі ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», які адбудзецца 16 красавіка ў г. Смалявічы. Знаходзіць цікавыя музычныя кампазіцыі і адточваць выканальніцкае майстэрства дапамагае мастацкі кіраўнік ансамбля Валянціна Зарамбоўская. З’яўленне на сцэне наступных выканаўцаў падказала: сувязь пакаленняў — рэч моцная і вартая. Так, талент і творчая спадчына перадаюцца ад старэйшых больш маладзейшым. Студыя эстраднага вакалу «Кліо», што створана пры дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна» ў гэты вечар змагалася за прысваенне звання «ўзорны». Удзельнікі (а дакладней прыгожыя ўдзельніцы) пастаянна выступаюць на творчых фестывалях і конкурсах рознага ўзроўню. Знаходзіць і развіваць творчыя здольнасці дзяўчатам дапамагае таленавіты педагог Таццяна Ермаловіч. У склад студыі ўваходзяць вакальны ансамбль «Элегія», дуэт «Чамучкі» і інш. Самай юнай удзельніцы  Вікторыі Жогаль споўнілася пяць гадоў. Зусім нядаўна Вікторыя стала дыпламантам міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў «Музыки свет». І калі гледачы (а іх, дарэчы, прыйшло на канцэрт шмат) маглі адпачыць і адчуць асалоду ад музыкі, то членам журы прыйшлося папрацаваць. Як вынік — вердыкт: «Высокае званне «народны» — пацверджана!». Але прадаставім слова старшыні журы.

Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ:

«Капыльскі раён заўсёды адрозніваўся: тут прадстаўлена шмат жанраў не падобных адзін на аднаго. Гэта і «Замкавая гара», якая выконвае сапраўдны рок, і ансамблі народнай песні і музыкі, і эстрадныя выканаўцы. Дарэчы, «Замкавая гара» актыўна супрацоўнічае з клубам кампазітараў і паэтаў «Жывіца» і прапагандуе аўтарскія творы, а яе кіраўнік Андрэй Раеўскі займае актыўную творчую пазіцыю. Сёння мы з задавальненнем слухалі і «Капыльскіх дудароў». Мастацкі кіраўнік калектыву Святлана Салавей шукае новыя формы, рознабаковыя падыходы як да падбору рэпертуару, так і да выканання. Асобных слоў заслугоўвае эстрадны джазавы аркестр. Дзякуючы самаадданасці Льва Канапляніка юныя музыкі прымалі ўдзел у самых разнастайных конкурсах і фестывалях. «Спадчына» парадавала нас тым, што значную ролю сталі адыгрываць мужчыны-выканаўцы. Не магу не адзначыць і песенную пяшчоту артыстак з «Аліры». Вельмі прыемна было бачыць і чуць калектыў студыі эстраднага вакалу «Кліо», які змагаўся за прысваенне звання «ўзорны». Дарэчы, такіх рознаўзроставых саставаў у вобласці мала. І, канешне, мы станоўча ацэньваем выступленне, таму што сёння ўбачылі і пачулі вельмі цікавыя нумары. Ды наогул кожны калектыў можа прадставіць самастойную канцэртную праграму. Пры пастаноўцы нумароў мы бачым харэаграфічнае афармленне, лагічную выстраенасць і адсутнасць статычнага спявання. Такое творчае развіццё — сведчанне плённага ўзаемадзеяння і з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, і асабіста з яго начальнікам Наталляй Царковай, і з дырэктарам РЦК Наталляй Рыбак. Склалася вельмі моцная каманда. У развіццё культуры Мінскага рэгіёну творчы ўклад уносіць Любоў Галубовіч, якую мы запрашаем да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Не застаюцца ўбаку Валянціна Зарамбоўская і Таццяна Хілько. Добрых слоў варты і вядучыя мерапрыемства  як  дарослыя:  Кацярына і Сяргей Мялешкі, так і навучэнцы: Дар’я Заварзіна і Максім Почапень. Хочацца пажадаць усім калектывам захоўваць свае творчыя саставы. І яшчэ — каб на Капыльшчыне больш развіваўся харэаграфічны жанр.

Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей