З 23 сакавіка ў раённым Цэнтры традыцыйнай культуры распачала работу персанальная выстава вышывальшчыцы Алы Заворы пад назвай “Рукам работа — душы свята”, якая будзе дзейнічаць да 15 красавіка. Яе першымі наведвальнікамі сталі вучні Мажскай пачатковай школы і навучэнцы Капыльскага СПЛ. На прэзентацыі, якую правяла дырэктар Цэнтра Галіна Гурло, прысутнічала і сама майстар, што дало добрую нагоду пазнаёміцца з яе творчым шляхам, пачуць меркаванні Алы Іванаўны наконт ролі, якую адыгрывае захапленне ў жыцці кожнага чалавека.
— Ала Іванаўна, ці прыпомніце сваю першую работу?
— Гэта было яшчэ ў дзяцінстве. Мая мама добра вязала шыдэлкам і пруткамі, вышывала гладдзю, аднак мне хацелася навучыцца вышываць менавіта крыжыкам, паколькі даўно паглядала на работы сваёй бабулі, што віселі ў хаце на сцяне. Знайшла чорна-белую схему карціны па матывах казкі Пушкіна “Пра рыбака і рыбку”, ніткі 5-6 колераў, выцягнула з шафы адрэз саматканага льнянога палатна (не спытаўшыся ў мамы) і пачала вышываць… Вядома ж, у мяне нічога не атрымалася, засунула недзе гэты кавалак тканіны, далей ад маміных вачэй, але ж хіба ад яе нешта схаваеш… Словам, дасталося мне добра на арэхі… Аднак першая няўдалая спроба не стала апошняй, і праз нейкі час я зрабіла другую, якая аказалася больш удалай. Гэтым, мабыць, першую ахвоту збіла, паколькі зноў за іголку і нітку ўжо ўзялася ў дарослым узросце, калі, уладкаваўшыся на працу ў Старыцкую бальніцу, пазнаёмілася з Нінай Георгіеўнай Касцюк, якую па праве магу лічыць сваёй настаўніцай.
— А адкуль Вы прыехалі на Капыльшчыну?
— Нарадзілася я ў Віцебскай вобласці, на Браслаўшчыне. Вывучылася на медсястру, выйшла замуж за бабаўнянца і разам з ім прыехала ў вёску Камсамольская, дзе ўжо жыву трыццаць гадоў.
— Відаць, за такі працяглы час і Капыльшчына стала мілай і дарагой.
— Так. Прыеду дадому, пабачуся з роднымі, пабуду нейкі час і ўжо цягне дамоў. Прывыкла я ўжо тут, капыльская зямля стала мне не менш роднай, чым браслаўская. Тут нарадзіліся нашы дзеці — сын Вячаслаў і дачка Наталля, тут я чэрпаю натхненне для сваёй творчасці.
— Моцна зацягнула?
— Вельмі моцна. Калі не маю магчымасці ўзяць у рукі іголку, адчуванне, як нешта згубіла. Гатова вышываць па дзевяць гадзін у суткі без выхадных. Раней, калі нельга было купіць ніткі розных адценняў, канву, карысталіся тым, што было пад рукамі: канву рабілі са звычайнай тканіны, выцягваючы ніткі, распускалі вязаныя кофты, шапкі, шалікі. Цяпер — намнога прасцей: і ніткі ёсць, і канва, і схемы на любы густ. Купляю і выпісваю спецыяльныя часопісы, пераймаю ўзоры ў іншых майстроў, аднак усюды імкнуся дабавіць нешта сваё.
— Ці можаце сказаць, што нейкі твор Вам падабаецца больш за іншыя?
— Вы ведаеце, не магу. Магчыма, як для маці ўсе дзеці роўныя, так і тут. Я ж, здараецца, па тры-чатыры месяцы сяджу над адной работай. Вось як, напрыклад, над апошнімі "Зима в деревне", "Мустанги", якія рыхтавала непасрэдна да выставы. Праўда, затым стараюся пераключацца на маленькія або бяру ў рукі пруткі — такім чынам адпачываю.
— А вось калі гаварыць пра жанравую палітру — у Вас, бачу і пейзажы, і партрэты, і жанравыя карцінкі, і рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў ёсць. Нават іконы…
— Таксама няма перавагі. Толькі вось да ікон адношуся вельмі асцярожна. Вышываю іх толькі тады, калі адчуваю нейкую ўнутраную патрэбу, калі ведаю, што гэта ікона для канкрэтнага чалавека. Так было з маёй сяброўкай, якая жыве на Віцебшчыне. Цудоўны душэўны чалавек, але мае праблему з алкаголем. Калі я даведалася пра гэта, мне так захацелася ёй дапамагчы. Шукала, дзе толькі магла, схему іконы “Неупиваемая чаша”, вышыла і падаравала ёй, параіўшы асвяціць у храме. Цяпер з дому прыходзяць весткі, што ў маёй сяброўкі ўсё пайшло на лад. А вось яшчэ адзін выпадак. Мне вельмі захацелася падарыць вышытую ікону сваёй далёкай сваячцы. І я гэта зрабіла, нават не ведаўшы, што яна пакутуе на анкалогію. І яна змагла пераадолець гэту хваробу. Ніяк не хачу сказаць, што менавіта я і мае работы таму паспрыялі, аднак гэтыя супадзенні прымушаюць пра многае задумацца.
— Магчыма, не дарма гавораць, што прыгажосць выратуе свет?
— Я таксама так лічу. Упэўнена, каб больш людзей мелі нейкую справу для душы, менш трацілі б свой час на выпіўку, і ў сям’і, і краіне былі б парадак і лад.
— Хацелася б даведацца, як Вы прыйшлі ў народны клуб майстроў “Скарбонка”?
— Гадоў шэсць назад у нашай мясцовай бібліятэцы была выстава маіх работ, якая ўсім спадабалася. Затым мне прапанавалі прывезці вышыванкі ў Капыль. Там я і пазнаёмілася з Галінай Аляксандраўнай Гурло, з майстрамі, якія з’яўляюцца членамі аматарскага аб’яднання “Скарбонка”.
— Што Вам даюць сустрэчы з імі?
— Вельмі многае. Адно прачытаць артыкул у часопісе, і зусім іншае пагутарыць з майстрам, даведацца пра нейкія сакрэты яго работы, падзяліцца сваімі.
— Раскажыце, калі ласка, крыху пра сваю сям’ю.
— Як я ўжо казала, жывём з мужам у вёсцы Камсамольская. Ён працуе ў філіяле “Лакнея” трактарыстам. Гэта мой галоўны памочнік ва ўсіх справах. Да нядаўняга часу ў нас было два гектары зямлі, дзве каровы, свінні, хатняя птушка. Клопатаў па гаспадарцы, вядома ж, хапала. Раней больш дапамагалі дзеці, а цяпер у іх свае сем’і, свае турботы, таму даводзіцца разлічваць на свае сілы. Дачка наша, як і я, медсястра, жыве ў Мінску, цяпер гадуе малое. Сын працуе настаўнікам у Старыцкай школе.
— Ці перадалося маміна майстэрства дачцэ?
— А як жа. У яе ўжо ёсць восем работ. І ўсе, так бы мовіць, чысценькія, акуратненькія, дасканала даведзеныя да ладу. Чарнавікоў, скажам так, у яе няма. Хачу сказаць, што і мая нявестка, нягледзячы на тое, што працуе завучам у Старыцкай школе і вельмі загружана, знаходзіць час, каб пасядзець над канвой.
— Паважаная Ала Іванаўна! Ведаючы, што Вы нядаўна адсвяткавалі свой юбілей, хацелася б пажадаць, каб Вы яшчэ многа гадоў радавалі нас сваёй творчасцю. Няхай зоркімі застаюцца Вашы вочы, упэўненай іголка, бязмернымі натхненне і жаданне ствараць прыгажосць.
— Дзякуй!
Гутарыла Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии